Архітэктура Сербіі
Захаваліся рэшткі старажытна-рымскіх паселішчаў, напрыклад, Сінгідунум (цяпер Бялград). Унікальны помнік візантыйскага горадабудаўніцтва — рэшткі г. Юсцініяна-Прыма (Царычын-Град).
У архітэктуры XII—XIV стст. сфарміравалася т.зв. школа Рашкі . Манастыры і храмы будавалі з каменю, часам з мармуровай абліцоўкай, паводле візантыйскай кампазіцыйнай схемы ў спалучэнні з раманскімі аркатурнымі паясамі, перспектыўнымі парталамі (цэрквы Успення Багародзіцы ў манастыры Студзеніца, Пантакратара ў манастыры Дзечані , Святой Тройцы ў манастыры Сопачані).
-
Царква Успення Багародзіцы ў Студзеніцы
-
Царква Пантакратара ў манастыры Вісакі Дзечані
-
Царква Святой Тройцы ў манастыры Сопачані
У XIV ст. склалася т.зв. косава-метахійская школа, для якой характэрны крыжова-купальныя храмы з каменю і цэглы (царква Дабравешчання ў манастыры Грачаніца ). У другой палове XIV ст. пад турэцкім уплывам у даліне р. Ігарава сфарміравалася т.зв. мараўская школа , у якой традыцыі сербскага дойлідства набылі арыгінальную перапрацоўку, пашырыліся бясстоўпныя (царква Святога Стэфана, ці т.зв. Лазарыца ў Крушавацы) і 4-стоўпныя крыжова-купальныя храмы з апсідамі па трох баках крыжа (царква ў манастыры Раваніца ). У XIV—XV стст. будавалі крэпасці з масіўнымі зубчастымі сценамі і велічнымі вежамі. У раўнінных раёнах яны мелі рэгулярны (Смедарава ), у горных — ірэгулярны (Звечан і Магліч у даліне р. Ібар) планы. Гарады з радыяльнай планіроўкай забудоўвалі драўлянымі, саманнымі і каменнымі дамамі.
-
Царква ў манастыры Грачаніца
-
Лазарыца ў Крушавацы
-
Царква ў манастыры Раваніца
-
Вежы Смедараўскай крэпасці
-
Малы Град Смедараўскай крэпасці
-
Крэпасць Звечан
-
Крэпасць Магліч
З другой паловы XV ст. ў час турэцкага панавання пашыраны мячэці, мінарэты, лазні, караван-сараі, дамы т.зв. балканскага тыпу з выступаючымі верхнімі паверхамі, эркерамі, галерэямі.
З пачатку XVIII ст. ў культурным цэнтры Сербіі — вобласці Ваяводзіна будаўніцтва вялося ў стылях барока і класіцызму (Нові-Сад, Срэмскі-Карлаўцы і інш.). З 1850-х гг. будавалі ў духу еўрапейскай эклектыкі (Народны тэатр і Стары палац у Бялградзе), у пачатку XX ст. — у стылях мадэрн і неавізантыйскім (арх. А. Стэванавіч , Н. Нестаравіч ).
-
Нацыянальны тэатр у Бялградзе
-
Стары палац у Бялградзе
-
Будынак Нацыянальнага музея Сербіі ў Бялградзе
У канцы 1930-х г. сцвердзіўся функцыяналізм (арх. Н. Добравіч, Д. Брашаван ). Архітэктура краіны моцна пашкоджана ў Другую сусветную вайну. У пасляваенны час распрацаваны планы будаўніцтва і рэканструкцыі гарадоў, срод якіх генплан развіцця Бялграда (1947—1950, арх. Добравіч інш.). У 1960 годзе заснаваны Саюз архітэктараў Сербіі.
Сучасная архітэктура адметная свабоднай і выразнай планіроўкай жылых комплексаў, імкненнем да пластычнай выразнасці, выкарыстання фактурных кантрастаў — неапрацаваных бетону і каменю, цэглы з дэталямі з металу і шкла, паліхромных мазаік (новыя раёны Бялграда, Ужыцаў, Чачака). Пашыраецца выкарыстанне традыцый народнай архітэктуры, дасягненні ў галіне сінтэзу мастацтваў (мемарыяльныя ансамблі Б. Багданавіча ).
Літаратура
- Сербія і Чарнагорыя. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1. — 472 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 1).
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Архітэктура Сербіі