Тэрмапільская бітва
Тэрмапі́льская бі́тва — 3-дзённая абарона 5 тысячамі грэкаў Тэрмапільскага перавала (цяпер вобласьць Фтыятыда, Сярэдняя Грэцыя) ад праходу 70-тысячнага пэрсыдзкага войска ў пачатку жніўня 480 году да н. э. 3 жніўня 480 г. да н. э. пэрсыдзкае войска падыйшло да Тэрмапільскай цясьніны і стаяла насупраць грэцкага войска ў перавале без пачатку баявых дзеяньняў цягам 4 дзён (3—6 жніўня). Першыя 2 дні бітвы (7—8 жніўня) грэкі ўдавалі ўцёкі ўглыб перавала, дзе разьбівалі пэрсаў дробнымі групамі ў рукапашным баі. Уначы на 3-і дзень (9 жніўня) малейскі(el) здраднік Эфіяльт(el) з бліжэйшага гораду Трахіс(en) правёў 20 тыс. пэрсыдзкіх жаўнераў па горнай сьцяжыне з усходу ў тыл грэцкага войска[2]. Спартанскі цар Леанід загадаў грэцкім саюзьнікам адступіць безь яго дружыны, якая загінула ў той дзень разам зь ім пры прыкрыцьці адступленьня зь перавала асноўнай часткі грэцкага войска[1].
Тэрмапільская бітва
| |||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
«Леанід у Тэрмапілах» (Жак-Люі Давід, 1814 г.) | |||||||||||
| |||||||||||
Супернікі | |||||||||||
Грэцкія полісы | Дзяржава Ахемэнідаў | ||||||||||
Камандуючыя | |||||||||||
Леанід I | Ксэркс I | ||||||||||
Колькасьць | |||||||||||
5,2 тыс. чалавек | 70 тыс. чалавек | ||||||||||
Страты | |||||||||||
2 тыс. забітымі | 20 тыс. забітымі[2] | ||||||||||
Першы дзень
рэдагаваць7 жніўня 480 г. да н. э., пасьля 4 дзён стаяньня, Ксэркс загадаў 10 тыс. мідыйскіх і кісійскіх жаўнераў пэрсыдзкага войска напасьці на грэкаў у Тэрмапільскім перавале. У выніку амаль усе пэрсыдзкія нападнікі загінулі, бо мелі меншыя чым у грэкаў мячы і шчыты. Грэкі ж бараніліся ў найвузейшай частцы перавала, дзе месьцілася Факійская сьцяна, у паставе фалянгі пры дапамозе вялізных круглых бронзавых шчытоў і даўгіх дзідаў. Сярод абаронцаў страты склалі толькі 3 спартанцы. Тады Ксэркс накіраваў у перавал 10 тыс. сваіх «неўміручых» гвардзейцаў(fa), большасьць якіх грэкі таксама забілі пры дапамозе тактыкі ўдаванага адступленьня.
Другі дзень
рэдагаваць8 жніўня Ксэркс накіраваў пэрсыдзкую пяхоту на захоп Тэрмапільскага перавала, якая панесла нават большыя страты, чым у 1-ы дзень бітвы. Уначы малейскі(el) здраднік Эфіяльт(el) з бліжэйшага гораду Трахіс(en) за ўзнагароду паведаміў Ксэрксу пра горную сьцяжыну ў абыход Тэрмапільскага перавала і прапанаваў правесьці ёй пэрсыдзкае войска. Тады Ксэркс накіраваў той сьцяжынай на ўсход ад перавала 20 тыс. жаўнераў на чале з ваяводам Гідарнам(fa).
Трэці дзень
рэдагавацьНа сьвітанку 9 жніўня факійцы(el) (тысяча ваяроў), якіх Леанід паставіў ахоўваць выдадзеную Эфіяльтам сьцяжыну на ўсход ад Тэрмапільскага перавала, заўважылі набліжэньне пэрсыдзкага войска і адступілі на бліжэйшы пагорак. На зары Тырастыяд з гораду Кіма(el) (вобласьць Эолія, дзяржава Ахемэнідаў; цяпер Турцыя) паведаміў Леаніду аб пагрозе акружэньня. Леанід адразу склікаў вайсковую нараду(en), на якой пастанавалі адступіць асноўнымі сіламі ў Атэны для наступнай эвакуацыі месьцічаў. Для прыкрыцьця адступленьня грэцкай пяхоты ад насьціганьня пэрсыдзкай коньніцай на перавале пакінулі тылавую ахову(en) на чале са спартанскім царом Леанідам агульнай колькасьцю ў 1,5 тыс. ваяроў. Ранкам Ксэркс накіраваў у перавал 10 тыс. пэрсыдзкіх жаўнераў у складзе лёгкай пяхоты і коньніцы. Грэкі рушылі ім насустрач у шырэйшую частку перавала. У баі загінулі 2 браты пэрсыдзкага цара Ксэркса (Абраком(fa) і Абраком(en)) і спартанскі цар Леанід. Зламаўшы ўсе дзіды, грэкі перайшлі на кароткія мячы. Пасьля прыбыцьця пэрсыдзкага падмацаваньня з рэшткаў «неўміручых» гвардзейцаў грэкі адступілі за Факійскую сьцяну на Калонскі пагорак(en). Тым часам рэшткі тэбанцаў з грэцкага войска, якіх да бітвы налічвалася 400 ваяроў, здаліся ў палон. Разбурыўшы частку Факійскай сьцяны, Ксэркс загадаў акружыць Калонскі пагорак. Затым пэрсыдзкія лучнікі пачалі абстрэл пагорка, у ходзе якога забілі ўсіх яго грэцкіх абаронцаў.
Ушанаваньне
рэдагавацьНа Калонскім магільным пагорку, дзе загінулі апошнія абаронцы Тэрмапільскага перавала, пасьля грэцка-пэрсыдзкіх войнаў паставілі помнік з эпіграмай паэта Сіманіда Кеоскага(en) (556—468 да н. э.), які аднавілі ў 1955 годзе. Таксама на месцы бітвы ўзьвялі бронзавую статую спартанскага цара Леаніда з надпісам унізе: «Прыйдзі і вазьмі(el)». На мэтопах па баках зьмясьцілі батальныя сцэны.
У 1997 г. урад Грэцыі адкрыў на месцы бітвы мармуровую статую з надпісам унізе: «У памяць аб 700 тэсьпійцах(el)», якія засталіся ў Тэрмапільскім перавале разам са спартанцамі на 3-і дзень бітвы.
У культуры
рэдагаваць- «Прыйдзі і вазьмі»(el) (480 г. да н. э., за 4 дні да бітвы) — адказ спартанскага цара Леаніда на пісьмовае патрабаваньне пэрсыдзкага цара Ксэркса «Здайце зброю»
- «Тэрмапілы»(en) (1868—1907) — брытанскі гандлёва-марскі кліпер
- Гімн Калюмбіі (1887 г., 9-я страфа) — гімн аўтарства 1-га прэзыдэнта адноўленай Рэспублікі Калюмбія Рафаэля Нуньеса(es) (1886—1894)
- «Тэрмапілы» (1903) — паэма грэцкага паэта Канстантынаса Кафавіса(el) (1863—1933)
- «Тэрмапілы»(en) (1945—1968) — брытанская падводная лодка
- «300 спартанцаў»(en) (1962) — амэрыканскі фільм рэжысэра Рудольфа Матэ(en) (1898—1964)
- «Шчыт Таласа»(it) (1988) — раман італьянскага пісьменьніка Валерыя Манфрэдзі(it) (нар. 1943)
- «Вогненая брама»(en) (1998) — раман амэрыканскага пісьменьніка Стывэна Прэсфілда(it) (нар. 1943)
- «300»(en) (1998) — комікс амэрыканскага пісьменьніка Фрэнка Мілера(en) (нар. 1957), які экранізавалі ў 2006 г. і перарабілі ў відэагульню ў 2007 годзе. У 2008 г. на экранізацыю зьнялі пародыю.
- «Апошняя лінія абароны 300»(en) (2007) — дакумэнтальны фільм амэрыканскага рэжысэра Дэвіда Пэдруша (нар. 1970)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Дзьве даты // Зьвязда : газэта. — 9 жніўня 2008. — № 148 (26261). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б Фермапілы // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2003. — Т. 16. — С. 358. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0263-6