Перайсці да зместу

Ром

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ром
Краіна паходжання
Год заснавання XV стагоддзе
Мацунак 40 % (V/V)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ром (англ.: rum, ісп.: ron, фр.: rhum) — моцны алкагольны напой, які атрымоўваюць у выніку працэсаў ферментацыі і дыстыляцыі з прадуктаў перапрацоўкі цукровага трыснягу.

Пірат з бочкай рому

Паходжанне назвы «ром» і дакладны час пачатку яго вытворчасці невядомы. Мяркуюць, што назва з’яўляецца скарачэннем ад лацінскага слова Saccharum, якое азначала «цукровы трыснёг», або вытворнае ад слэнгавага ramboozle («замяшанне»), французскага arôme («водар»), галандскага roemer (шклянка) і г. д. Цукровы трыснёг як сельскагаспадарчая культура быў здаўна вядомы ў краінах Азіі. У Новы Свет ён быў увезены самім Хрыстафорам Калумбам у 1493 г. з Азорскіх астравоў. Аднак першыя ўзгадкі пра вытворчасць моцнага напою з гэтай расліны з’явіліся толькі ў XVII ст., першапачаткова ў карыбскіх і паўночнаамерыканскіх еўрапейскіх калоніях. У англамоўных дакументах ром першапачаткова вызначаўся як «барбадаскі напой», таму менавіта Барбадас прынята лічыць яго радзімай. Але вядома, што яшчэ раней алкагольны напой з цукровага трыснягу выраблялі партугальскія каланісты ў Бразіліі.

Папулярнасць рому ў амерыканскіх калоніях тлумачыцца надзвычайнай таннасцю яго вытворчасці ў параўнанні з алкагольнымі напоямі са збожжа і вінаграду. Ром у вялікай колькасці ўжывалі каланісты, маракі і піраты. Яго выдавалі замест заробку, а таксама ім стымулявалі працу рабоў. У Афрыцы каланіяльныя гандляры абменьвалі ром на золата і рабоў.

У 16871970 гг. на брытанскім флоце дзейнічала правіла выдаваць матросам штодзень каля 230 г. рому. Гэтая традыцыя часткова захавалася на канадскім флоце. У XVIII ст. у паўночнаамерыканскіх калоніях Вялікабрытаніі квітнела кантрабанда сыравінай для вытворчасці рому з французскіх калоній. Некаторыя гісторыкі лічаць, што спроба ўлад спыніць незаконны гандаль у 1764 г. прадвызначыла будучую Амерыканскую рэвалюцыю. Падлічана, што незадоўга да рэвалюцыі амерыканцы штогод выпівалі 14 літраў рому на душу насельніцтва.

Такім чынам ром трывала ўвайшоў у паўсядзённую культуру многіх краін Вест-Індыі, Лацінскай Амерыкі і паўднёвых штатаў ЗША. Значна пазней яго вытворчасць наладзілі на поўдні Афрыкі, у Аўстраліі, Індыі і г. д. У Еўропе ром успрымаўся як танны напой для каланістаў і маракоў і да сярэдзіны XIX ст. фактычна не меў папулярнасці. Толькі паляпшэнне працэсу вытворчасці ў французскіх і іспанскіх калоніях спрыяла паступоваму асваенню еўрапейскага рынку.

У Беларусі вытворчасць сапраўднага рому з кубінскай сыравіны была распачата толькі ў 2011 г.

Вытворчасць і гатункі

[правіць | правіць зыходнік]

Сыравінай для вырабу рому з’яўляюцца сок цукровага трыснягу або цукровая патака і меласа, якія застаюцца пасля вытворчасці цукру. Выраб рому з соку асабліва характэрны для франкамоўных краін Вест-Індыі, таму французскі ром звычайна даражэйшы, чым з іншых краін. Сыравіну вараць, пакуль яна не ператвараецца ў сіроп. У працэсе фарміруюцца крышталікі цукру, якія выдаляюць шляхам мяшання і сцэджвання або фільтрацыі. У атрыманую масу дадаюць дрожджы і ваду, пасля чаго даюць час для ферментацыі. Канчатковым этапам вытворчасці з’яўляецца перагонка ў традыцыйных медных перагонных апаратах або рэктыфікацыйных калонах.

Многія вытворцы пасля перагонкі трымаюць ром у дубовых бочках. Лічыцца, што такім чынам ён набывае асаблівы смак, набліжаны да віскі. Ром з дубовых бочак мае цёмны або залаты колер. У адрозненні ад празрыстага рому, які часцяком дадаюць у кактэйлі, гэтыя гатункі ўжываюць толькі як самастойны напой. Але цёмны колер рому таксама дасягаецца іншымі шляхамі — дамешкамі меласы (характэрна для Барбадаса і Ямайкі), мёду (Канарскія астравы), розных спецый (краіны Азіі) і г. д.

Утрыманне алкаголю ў гатовым напоі, яго смак, водар і спосаб ужывання вельмі адрозніваюцца ў залежнасці ад краіны, дзе ён быў выраблены.

Ром можа ўжывацца як самастойны напой, але таксама шырока выкарыстоўваецца як інгрэдыент для стварэння іншых напояў і кактэйляў, у тым ліку грогу, дайкіры, махіта, маі-таі, пуншу. Ромам шырока карыстаюцца ў вытворчасці кандытарскіх вырабаў.