Беларус расказаў, як заходзіў з ЗСУ ў Курскую вобласць Расеі. І паказаў танк пад бел-чырвона-белым сцягам

Беларус расказаў, як заходзіў з ЗСУ ў Курскую вобласць Расеі. І паказаў танк пад бел-чырвона-белым сцягам

Сяргей Падсасонны, Алесь Наваборскі, «Белсат»

Беларускі вайсковец з пазыўным Жэрар, камандзір аддзялення эвакуацыі бранятэхнікі 225-га асобнага штурмавога батальёну Збройных сілаў Украіны, расказаў «Белсату» пра вайну ў Курскай вобласці Расеі. Ён змог выйсці на сувязь 19 жніўня: у межах ратацыі выехаў з Куршчыны на пару дзён, каб адпачыць, а потым будзе вяртацца ў зону баявых дзеянняў.

Танк пад бел-чырвона-белым сцягам у Курскай вобласці, Расея. Відэа: Жэрар для «Белсату»

Баявыя дзеянні трываюць там проста цяпер, таму Жэрар не можа раскрываць шмат дэталяў. Але ён падсумаваў: аперацыя прайшла паспяхова, дзякуючы добраму планаванню і добрай прапрацоўцы дзеянняў.

Ягоны батальён быў першым, які ўвайшоў у Курскую вобласць. І гэта было надзвычай лёгка, кажа Жэрар з усмешкай:

«Заходзілі як нож у масла. Вельмі лёгка ўсё прайшло. Калі проста распланаваны кожны крок. Кожнае дзеянне, і ўсе выконвалі свае пастаўленыя задачы на 100 %, то ўсё атрымалася наогул проста цудоўна».

Палонных узялі вельмі шмат, расказвае ён. Менавіта на гэтым напрамку штодня бяруць вельмі шмат палонных: пры поўнамаштабных наступах на Херсон ці на Ізюм «столькі палонных не было нават блізка», кажа Жэрар. Ён згадвае, што раней казалі пра 2000 палонных, а «Financial Times» чатыры дні таму ацэньваў колькасць расейскіх палонных у гэтай аперацыі ўжо ў 2500. Чаму так шмат?

«Камандаванне іх проста кідала, – тлумачыць Жэрар масавую здачу ў палон. – У іх не было сувязі, у іх не было пастаўкі ежы-вады. А пасля трох дзён сядзення ў пасадцы без вады і ежы ты пачынаеш проста паціху паміраць. Большасць людзей проста прымалі рашэнне здавацца».

Жэрару ўдалося паразмаўляць з палоннымі расейскімі вайскоўцамі. Большасць была салдатамі тэрміновай службы, якія «мала якія адносіны маюць да вайны». Ён называе гэтых палонных дзецьмі: ім 18–23 гадоў, і яны кажуць, што не хацелі і не збіраліся ваяваць.

«Дзеці яны ці не дзеці, але яны трымалі ў руках аўтаматы і таксама стралялі, – адзначае Жэрар. – І калі нашыя штурмавыя падраздзяленні заходзілі, у любым выпадку адбываліся баявыя сутыкненні. І, адпаведна, гінулі салдаты УС РФ. Гінулі яны шмат, бо яны былі ненавучаныя, непадрыхтаваныя. У іх не было дастаткова БК [боекамплекту. – заўв. «Белсат»]. Яны былі знясіленымі, бо ў іх не было ні вады, ні ежы. Яны гінулі, а тыя, усё ж… скажам так, маюць штосьці ў галаве, прымалі слушнае ашэнне і здаваліся».

Карцінкі аперацыі ЗСУ ў Курскай вобласці моцна адрозніваюцца ад таго, што было відаць у час аперацыяў Узброеных сілаў Расеі ў першыя месяцы наступу на Украіну – гэта не падобна да той жа Бучы

Жэрар і ягонае падраздзяленне амаль не бачылі цывільных у першы час, сам ён пабачыў мясцовых у Курскай вобласці на пяты ці шосты дзень аперацыі.

Агрэсію чуваць у бок Уладзіміра Пуціна. Жэрар распавядае, як мясцовая бабуля казала яму, што з украінцамі «мы наогул браты, мы заўсёды сябравалі», што «ўся гэтая вайна – суцэльная памылка, я ад пачатку казала, што нельга так рабіць». Паводле яго, шмат мясцовых жыхароў нават настроеная, каб надалей быць украінцамі: многія там размаўляюць на змяшанай расейска-ўкраінскай мове (суржыку – аналагу беларуска-расейскай трасянкі). 

Жэрар у перадачы «Белсат Zoom». Скрыншот: Белсат

Ці можа Крэмль на гэта нешта адказаць? Жэрар прызнае, што не надта сочыць за расейскімі навінамі, але ядравыя пагрозы Пуціна і Лукашэнкі вайскоўцы абмяркоўваюць, але жартуюць і згадваюць абяцанні Лукашэнкі «паказаць, адкуль рыхтаваўся напад».

Можа, час Пуціну пра нешта дамаўляцца з Украінай? Жэрар не разумее, пра што можна дамовіцца: 

«Усе прапановы Пуціна – гэта аддайце мне ўсё, пакіньце сабе нічога. Гэта не перамовы, гэта ўльтыматум. Я лічу, што на дадзены момант, пакуль мы не дайшлі да Масквы, ні аб якіх перамовах гаворкі быць не можа».

Ён кажа не пра канкрэтна Курскую аперацыю, а пра сітуацыю агулам: перамовы на роўных умовах будуць толькі тады, калі «Пуціна возьмуць за яйкі».

Гэты матэрыял вы можаце прачытаць па-расейску

Чытайце таксама: Лукашэнка сказаў, што перакінуў да мяжы з Украінай траціну арміі. Украіна не заўважыла. А траціна – гэта колькі? >>

Сяргей Падсасонны, Алесь Наваборскі, «Белсат»

Больш навінаў – у нашым Telegram-канале


Report Page