Вэнэсуэла
Вэнэсуэла гішп. Venezuela | |||||
| |||||
Нацыянальны дэвіз: Dios y Federación | |||||
Дзяржаўны гімн: «Gloria al bravo pueblo» | |||||
Афіцыйная мова | гішпанская | ||||
Сталіца | Каракас | ||||
Найбуйнейшы горад | Каракас | ||||
Форма кіраваньня | Фэдэратыўная рэспубліка Нікаляс Мадура | ||||
Плошча • агульная • адсотак вады |
33-е месца ў сьвеце 916 445 км² 0,32 | ||||
Насельніцтва • агульнае (2010) • шчыльнасьць |
40-е месца ў сьвеце 29 105 632 30,2/км² | ||||
Этнічны склад |
| ||||
СУП • агульны (2015) • на душу насельніцтва |
Сьпіс краінаў паводле СУП $491,585 млрд $15 891 | ||||
Валюта | Балівар фуэртэ (VEF) | ||||
Часавы пас | VET (UTC-4) | ||||
Незалежнасьць — ад Гішпаніі — ад Вялікай Калюмбіі |
5 ліпеня 1811 13 студзеня 1830 | ||||
Аўтамабільны знак | YV | ||||
Дамэн верхняга ўзроўню | .ve | ||||
Тэлефонны код | +58 |
Вэнэсуэ́ла (афіц. Баліварыянская Рэспубліка Вэнэсуэла, гішп. República Bolivariana de Venezuela) — краіна на паўночным узьбярэжжы Паўднёвай Амэрыкі. Краіна мяжуе з Гаянай на ўсходзе, Бразыліяй на поўдні і Калюмбіяй на захадзе.
Адміністрацыйны падзел
Вэнэсуэла падзелена на 23 штаты (estados), адну фэдэральную (сталічную) акругу (distrito federal) і адно фэдэральнае ўладаньне (dependencia federal; 72 дробныя выспы ў Карыбскім моры). На муніцыпальным узроўні Вэнэсуэла падзяляецца на 335 муніцыпіяў (municipios), а на базавым — на 1084 паветы (parroquias).
Палітыка
Дзяржаўны лад
Вэнэсуэла — фэдэратыўная рэспубліка. На чале дзяржавы і ўраду — прэзыдэнт, які абіраецца насельніцтвам на шэсьць гадоў ня больш як на два тэрміны запар. Вышэйшы заканадаўчы орган — аднапалатная Нацыянальная асамблея (Asamblea Nacional), якая складаецца са 165 дэпутатаў, пры гэтым тры месцы замацавана за прадстаўнікамі карэнных народаў Вэнэсуэлы. Тэрмін дэпутацкіх паўнамоцтваў — пяць гадоў. Дэпутаты могуць выбірацца максымум на тры тэрміны. Вышэйшы судовы орган — Вярхоўны суд (Tribunal Supremo de Justicia). Яго сябры абіраюцца на адзін дванаццацігадовы тэрмін.
У краіне назіраецца культ Сімона Балівара.
Эканоміка
Вэнэсуэла належыць да найбольш разьвітых краінаў Лацінскай Амэрыкі. Прамысловасьць дае да 35 % ВУП, сельская гаспадарка — 6 %.
Нафтавы сэктар
Вядучае месца ў гаспадарчым комплексе займае нафтаздабыўная і нафтахімічная прамысловасьць (каля 1/3 ВУП, 70 % даходаў бюджэту, звыш 80 % экспарту). Нафтавы сэктар краіны працуе ў рамках дзяржаўнай кампаніі «Petroleos de Venezuela» (PDVSA), якой паміж іншым належыць сетка з 14 000 аўтазаправачных станцыяў CITGO (ЗША). Асноўныя раёны здабычы нафты — западзіна возера Маракайба і паўночная частка басэйну ракі Арынока. Перапрацоўка нафты ў гарадах Маракайба, Кабімас, Амуай, Пуэрта-ла-Крус, Каракас. Галоўныя парты па экспарце нафты і нафтапрадуктаў — Маракайба, Амуай, Кабімас.
Прамысловасьць і энэргетыка
Здабыўная прамысловасьць: нафты 128 млн т, жалезнай руды 17 млн т, каменнага вугалю 4 тыс. т, золата 8,1 т (1997). Здабываюць таксама басіты, нікелевыя, марганцавыя руды, срэбра, алмазы і інш.
Мэталюргія: выплаўка сталі, алюміну. Мэталюргічныя камбінаты ў Сьюдад-Гуаяне, Маракайба.
Машынабудаваньне: вытворчасьць аўтамабіляў, трактароў, сельскагаспадарчых машынаў, электрычнай апаратуры ў Каракасе і Баркісімэта.
Энэргетыка: ГЭС Гуры і Макагуа на рацэ Карані, на долю якіх прыпадае да 1/3 усіх энэргетычных магутнасьцяў краіны. Вытворчасьць электраэнэргіі 87,4 млн кВт * гадзін (2003).
Аграпрамысловы комплекс
Сельская гаспадарка не забясьпечвае нутраных патрэбнасьцяў краіны. Сельскагаспадарчыя ўгодзьдзі займаюць 25 % тэрыторыі краіны, асноўны земляробчы раён на поўначы і паўночным захадзе, жывёлагадоўчы — Льянас (цэнтральная Вэнэсуэла). Пануе буйное землеўладаньне. Галоўныя культуры: кукуруза, рыс, цукровы трысьнёг, сорга, бульба, какава, бананы, памідоры, апэльсіны, кава. З тэхнічных культураў — бавоўнік і сізаль. Гадуюць буйную рагатую жывёлу, сьвіней, козаў, авечак, птушку.
Да 1970-х Вэнэсуэла спаборнічала з Калюмбіяй па вытворчасьці кавы, пазьней быў зроблены акцэнт на нафтаздабычу (з чаго ператварылася ў найбольш багатую краіну Паўднёвай Амэрыкі) і сёньня трымае каля 1 % сусьветнага рынку кавы. У апошнія гады адбываецца ўздым вытворчасьці какавы (Вэнэсуэла некалі была адным з галоўных вытворцаў, пазьней саступіла Заходняй Афрыцы), у краіне вырошчваецца рэдкі сорт какавы, які лічыцца самым смачным і араматным у сьвеце і прымяняецца для вырабу арыгінальнага шакаляду.
Транспарт
Галоўны від транспарту — аўтамабільны. Даўжыня аўтадарогаў 96 тыс. км, у тым ліку 32 тыс. км зь цьвёрдым пакрыцьцём. Галоўныя аўтамагістралі — Каракас — Сьюдад-Балівар, Каракас — мяжа з Калюмбіяй. Чыгункі 682 км. Даўжыня нафтаправодаў 6370 км, газаправодаў 4010 км, нафтапрадуктаправодаў 480 км. Разьвіты паветраны транспарт (375 аэрапортаў і аэрадромаў). Суднаходзтва па рацэ Арынока і яе прытоках (7 тыс. км). Больш за 100 марскіх і рачных портаў. Галоўны порт краіны для нянафтавых тавараў — Ля-Гуайра (аванпорт Каракаса).
Адносіны з Рэспублікай Беларусь
Дыпляматычныя адносіны ўсталяваны 4 лютага 1997 году[1]. Кіраўніцтвы Беларусі і Вэнэсуэлы маюць падобныя пазыцыі па асноўных пытаньнях сусьветнай палітыкі. Краіны актыўна ўдзельнічаюць у працы ААН, Руху недалучэньня. У апошнія гады актывізавалася эканамічнае супрацоўніцтва, а таксама разьвіцьцё двухбаковых сувязяў у галіне культуры, навукі, адукацыі, у гуманітарнай сфэры.
Аснову беларускага экспарту ў 2005 годзе склалі калійныя і азотныя ўгнаеньні. Назіраецца тэндэнцыя да павелічэньня аб’ёмаў паставак іншых асноўных экспартных тавараў і дывэрсыфікацыі экспарту: шын, электраабсталяваньня, дэталей і абсталяваньня для аўтамабіляў і трактароў, сынтэтычных ніцей. Двухбаковы таваразварот склаў звыш 15 млн. USD.
Разьвіцьцю двухбаковых адносінаў судзейнічалі:
- афіцыйны візыт прэзыдэнта Вэнэсуэлы Уга Чавэса ў Беларусь у ліпені 2006 (падпісаная Дамова аб стратэгічным супрацоўніцтве, мэмарандум аб узаемапаразуменьні ў сфэры палітычных кансультацыяў паміж МЗС Беларусі і Вэнэсуэлы, дасягнуты пагадненьні ў галіне нафтахіміі, мэталюргіі, сельскай гаспадаркі і ў вайскова-тэхнічнай галіне);
- сустрэча прэзыдэнтаў Беларусі і Вэнэсуэлы падчас саміта Руха недалучэньня ў Гаване ў верасьні 2006;
- візыт афіцыйнай дэлегацыі Рэспублікі Беларусь на чале зь Дзяржаўным сакратаром Савету Бясьпекі Рэспублікі Беларусь Віктарам Шэйманам у Вэнэсуэлу ў верасьні 2006 (падпісаныя 23 пагадненьні, у тым ліку ў вайскова-тэхнічнай галіне на агульную суму каля 1 млрд USD).
На пачатку красавіка 2012 г. беларускія будаўнікі запусьцілі між Гватырэ і Гварэнасам (гарадамі-спадарожнікамі Каракаса) найбольшы ў Лацінскай Амэрыцы завод будаўнічых матэрыялаў (магутнасьць 125 000 тонаў цэглы, або 25 млн цагляных блёкаў за год), які пачалі будаваць на замову сумеснага прадпрыемства «Вэмпроімко» ў лістападзе 2009 году[2].
Дэмаграфія
Каля 95 % — вэнэсуэльцы, народ, які ўтварыўся ад зьмяшэньня гішпанскіх заваёўнікаў і перасяленцаў зь мясцовым насельніцтвам — індзейцамі аравацкай, карыбскай і іншых моўных сем’яў, а таксама з нэграмі-рабамі, прывезенымі з Афрыкі. У XIX—XX стст. сюды прыехалі мігранты, пераважна з Паўднёвай Эўропы. Індзейцаў — каля 200 тысячаў чалавек, пераважна ў малаасвоеных раёнах на поўдні, захадзе і ўсходзе краіны. Расавы склад: мэтысаў — 67 %, белых — 21 %, чорных — 10 %, індзейцаў — менш за 2 %. Большасьць вернікаў — каталікі. Звыш за 90 % насельніцтва жыве ў гарадах.
Адукацыя і культура
У горадзе Барынас (штат Барынас) дзейнічае сельскагаспадарчы каледж міжнароднай супольнасьці імя Сімона Балівара.
Буйныя гарады
Глядзіце таксама
Крыніцы
- ^ Пратакол аб устанаўленні дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Венесуэла// Сайт Валерыя Леванеўскага. Дата доступу: 26 траўня 2009
- ^ Андрэй Сьмірноў. Беларуская цэгла для вэнэсуэльскіх новабудоўляў // Зьвязда : газэта. — 3 траўня 2012. — № 83 (27198). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі
Вэнэсуэла — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў